МІНЕРА́ЛЬНЫ АБМЕ́Н,
сукупнасць працэсаў ужывання, усмоктвання, размеркавання і выдзялення неарганічных рэчываў з арганізма жывёл і чалавека. Разам з водным абменам М.а. забяспечвае пастаянства асматычнай канцэнтрацыі, іоннага складу, кіслотна-шчолачнай раўнавагі, аб’ёму вадкасцей унутр. асяроддзя арганізма (гл. Гамеастаз). Характар фіз.-хім. працэсаў у тканках вызначаюць іоны (Na+, K+, Ca2+, Mg2+, Cl−, , і інш.) і мікраэлементы. Пазаклетачная вадкасць мае шмат Na+, Ca2+, Cl−, унутрыклетачная — K+, Mg2+, фасфаты. Іонная асіметрыя забяспечваецца дзейнасцю плазматычных мембран, звязваннем некат. іонаў хім. кампанентамі клетак, назапашваннем у органах (напр., у касцявой тканцы дэпаніруецца Ca2+, Mg2+, Sr2+). У млекакормячых жывёл і чалавека солі выводзяцца праз кішэчнік і ныркі (экскрэцыя ўзмацняецца пры іх лішку і памяншаецца пры недахопе). Сутачная патрэба чалавека ў асобных хім. элементах залежыць ад узросту, полу, клімату, роду дзейнасці, рацыёну харчавання. Канцэнтрацыя асобных іонаў падтрымліваецца спец. сістэмамі рэгуляцыі (напр., Na+ і K+ — гармонамі кары наднырачнікаў, Ca2+ — гармонамі шчытападобнай і каляшчытападобнай залоз) і каардынуецца ц. н. с. Парушэнне М.а. прыводзіць да паталаг. з’яў (напр., павышэнне канцэнтрацыі K+ у плазме крыві парушае сардэчную дзейнасць, паніжэнне — выклікае мышачную слабасць, парушэнне функцый нырак і страўнікава-кішачнага тракту).
Літ.:
Гинецинский А.Г. Физиологические механизмы водно-солевого равновесия. М.; Л., 1963;
Кравчинский Б.Д. Физиология водно-солевого обмена жидкостей тела. Л., 1963.
С.С.Ермакова.
т. 10, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)